У сталічным кінатэатры "Піянер" адбылося адкрыццё першага рэспубліканскага рэтракінафестывалю "Кінавек". З фільмам Юрыя Тарыча "Лясная быль" знаёміць кінакрытык, галоўны рэдактар кінастудыі "Беларусьфільм" Наталля Сцяжко.
Сабралі першыя ўражанні сталічнай моладзі:
Арцём Віктараў, ліцэй БНТУ: — Было вельмі цікава, дзякуй вялікі за прадстаўленую магчымасць пазнаёміцца з першым беларускім фільмам. Я віншую беларускі кінематограф са стагоддзем! Наперад, у светлую будучыню!
Валерыя Буракевіч, БДУКМ: — Рада, што ў нашай краіне стартаваў фестываль "Кінавек" і з'явілася ўнікальная магчымасць паглядзець першы беларускі нямы фільм у суправаджэнні тапёраў, як гэта было ў 1920-я гады. Цудоўна, што былі задзейнічаны студэнты і школьнікі. Лічу, што вельмі важна паказваць і распавядаць моладзі пра тое, якімі былі першыя фільмы, знятыя яшчэ на кінастудыі "Белдзяржкіно".
Таццяна Саўчанка, БДУ: — Заўсёды марыла паглядзець класіку беларускага кінематографа на вялікім экране, таму было прыемна ўбачыць у афішы фестывалю знаёмыя карціны. Сённяшні паказ —незвычайны, я ўпершыню глядзела фільм у жывым музычным суправаджэнні, як гэта было яшчэ на пачатку кінематографа. Для мяне гэта каштоўны вопыт, дзякуй за магчымасць!
Таксама ў фае кінатэатра праходзіць выстава, арганізаваная Музеем гісторыі кіно і Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм".